Навошта наогул узроўні
Калі чалавек кажа "я карыстаюся AI", найчасцей гэта значыць адно: адкрываю ChatGPT, задаю пытанне, капіюю адказ у свой дакумент. Гэта нармальны старт. Але паміж гэтым і тым, як працуюць людзі, у якіх AI рэальна эканоміць дні, вялікая розніца. І яна не ў веданні промптаў, а ў спосабе працы.
Узроўні патрэбны, каб назваць гэты спосаб і ўбачыць наступны крок. Узровень апісвае, як вы працуеце цяпер, а не вашу прафесію, пасаду або талент. Яго можна змяніць за некалькі тыдняў.
Чатыры ўзроўні коратка
- 01AI ў чацеAI-кансумер
Вы задаяце пытанне, AI адказвае, вы капіюеце адказ. Як замовіць ежу: прывезлі гатовае, але кухня не ваша.
Вынік: адказ у акне чата - 02Вайбкодэрзбірае словамі
Апісваеце словамі, што трэба, і AI збірае працоўную рэч: старонку, табліцу, прататып. Як гатаваць па рэцэпце з інтэрнэту: смачна, але паўтарыць гэтак жа - не факт.
Вынік: прататып, які працуе ў вас - 03Агентны інжынерпрацуе па сістэме
У агента ёсць тэчка праекта, правілы, skills і праверка. Свая кніга рэцэптаў: прадукты, рэцэпт, проба на смак. Страва паўтараецца.
Вынік: skill або працэс для задачы, што паўтараецца - 04AI-архітэктарбудуе для каманды
Збірае сістэму з некалькіх агентаў і падключэнняў, якой карыстаецца каманда. Кухня рэстарана: повары, ролі, правілы. Працуе і без вас.
Вынік: сістэма для каманды
Узровень апісвае спосаб працы, а не прафесію або талент.
Некалькі слоў, якія тут сустрэнуцца:
- Вайбкодынг - вы апісваеце вынік звычайнымі словамі, а код піша AI. Вы яго не пішаце і не чытаеце.
- Агент - AI, які не толькі адказвае, але і сам дзейнічае: адкрывае файлы на вашым камп'ютары, стварае новыя, запускае праверкі. Напрыклад, Claude Code, Codex або Cursor.
- Skill - захаваная інструкцыя для агента. Адзін раз апісалі, як рабіць задачу, далей агент робіць яе па гэтай інструкцыі.
- CLAUDE.md - файл з правіламі праекта, які агент чытае ў пачатку кожнай задачы. У Codex такі файл называецца AGENTS.md.
Назвы ўзроўняў 2 і 3 не мы прыдумалі. Слова "vibe coding" у лютым 2025 года ўвёў Андрэй Карпаты, адзін з заснавальнікаў OpenAI і былы дырэктар па AI ў Tesla. Роўна праз год ён сам назваў яго ўчарашнім днём і прапанаваў для прафесійнай працы з агентамі іншую назву: agentic engineering, агентная інжынерыя. У вайбкодынгу вы просіце і спадзяяцеся, што спрацуе. У агентнай інжынерыі вы ставіце задачу, чытаеце план агента і правяраеце вынік. Слова "інжынер" хай не палохае: праграмаваць там таксама не трэба, гаворка пра дысцыпліну.
І чат нікуды не дзяецца. Для хуткага пытання ён зручны на любым узроўні. Мяняецца тое, як вы робіце сур'ёзную працу.
Адна задача на чатырох узроўнях
Найпрасцей убачыць розніцу на адной і той жа працы. Возьмем штотыднёвую статус-справаздачу для кіраўніка: выгрузка задач з Jira, нататкі са сустрэч, рызыкі.
- У чаце вы кожны тыдзень нанава капіюеце выгрузку і нататкі, просіце зводку, праўляеце яе рукамі і пераносіце ў ліст. Ад тыдня да тыдня не застаецца нічога, апрача самога ліста.
- Вайбкодэр просіць AI сабраць старонку-дашборд з выгрузкі. Выглядае ўражліва, пакуль у Jira не зменяць поле і ўсё не зламаецца. Прататып жыве ў вас і толькі ў вас.
- Агентны інжынер адзін раз заводзіць тэчку: выгрузкі, узор добрай справаздачы, skill "збяры статус" і правілы. Далей адна фраза агенту, другі агент спраўджвае лічбы з выгрузкай, вы чытаеце гатовую справаздачу дзесяць хвілін.
- AI-архітэктар падключае Jira напрамую, справаздача збіраецца сама па раскладзе і прыходзіць усёй камандзе. Час сыходзіць ужо не на зборку, а на тое, каб працэс працаваў: у яго ёсць уладальнік і зразумелая метрыка якасці.
Звярніце ўвагу на радок "што застаецца". Паміж узроўнямі расце не хуткасць сама па сабе, а тое, што назапашваецца ад тыдня да тыдня.
Як зразумець, дзе вы
Успомніце свой звычайны працоўны тыдзень і знайдзіце слупок, які больш на яго падобны.
| Прымета | 1. AI ў чаце | 2. Вайбкодэр | 3. Агентны інжынер | 4. AI-архітэктар |
|---|---|---|---|---|
| Дзе працуе AI | чат у браўзеры | адзін AI-сервіс, які збірае праграмы | агент у тэчцы праекта на камп'ютары | некалькі агентаў, падключэнні, доступы |
| Адкуль AI ведае задачу | тлумачыце нанава ў кожным чаце | далучаеце файлы ўручную | правілы і прыклады ляжаць у праекце | кантэкст, доступы і памяць падзеленыя |
| Што атрымліваецца | адказ, тэкст, парада | прататып, які працуе ў вас | skill або працэс для задачы, што паўтараецца | сістэма, якой карыстаецца каманда |
| Як правяраеце | чытаеце: выглядае нармальна | спрабуеце асноўны сцэнарый | крытэрыі гатовасці задаяце загадзя | аўтаматычныя праверкі і разбор памылак |
| Паўтарыць праз тыдзень | шукаеце стары ўдалы запыт | ёсць захаваны запыт | ёсць skill і шаблон выніку | агульны каталог, у працэсу ёсць уладальнік |
| Хто яшчэ карыстаецца | толькі вы, эксперыменты | вы самі, рэгулярна | калега, па вашай інструкцыі | каманда, па агульных правілах |
Калі ваш тыдзень трапляе ў два суседнія слупкі, гэта нармальна. Найчасцей гэта і значыць, што вы на пераходзе. І ўзровень залежыць не ад інструмента: у Claude Code можна працаваць як у чаце, а ў чаце можна трымаць вельмі дысцыплінаваны працэс. Важна тое, як вы працуеце. Гэта бачаць і вялікія кампаніі: у EPAM, дзе пераўчваюць на работу з агентамі дзясяткі тысяч інжынераў, кіраўнік AI-інжынерыі Дзмітрый Товпека кажа, што адны і тыя ж інструменты даюць у руках розных людзей вельмі розны вынік, і гэты разрыў расце.
Што насамрэч вылучае ўзровень 3
Пераход з другога ўзроўню на трэці самы важны і самы незразумелы. Знешне ён выглядае як "паставіў іншую праграму". Насамрэч мяняюцца дзве рэчы: у агента з'яўляецца пастаяннае працоўнае месца, і ў працы з'яўляецца цыкл.
Працоўнае месца
На другім узроўні ўсё веданне пра задачу жыве ў вас у галаве і ў гісторыі чата. На трэцім яно ляжыць у тэчцы, і агент чытае яго сам: правілы праекта, інструкцыю для задачы, што паўтараецца, узор добрага выніку, зыходныя даныя і спіс таго, што праверыць перад здачай. Таму заўтра задача робіцца так жа, як сёння, нават калі вы забылі палову дэталяў.
Цыкл працы
Так працуюць і людзі, якія робяць гэтыя інструменты. Anthropic у сваіх рэкамендацыях да Claude Code раіць спачатку папрасіць план і толькі потым выкананне, а галоўнае - даць агенту спосаб праверыць сваю працу. Барыс Чэрны, стваральнік Claude Code, расказвае, што яго каманда трымае агульны файл правіл і дапісвае туды правіла кожны раз, калі Claude памыліўся. Карпаты фармулюе тое ж самае карацей: выйгрывае той, у каго хутчэй цыкл "AI зрабіў, чалавек праверыў".
EPAM у прэзентацыі для інвестараў (жнівень 2026) паказала, як мяняюцца навыкі яе інжынераў. Сярод тых, што растуць: ставіць задачы AI-агентам і правяраць іх працу, будаваць працэс работы з AI і весці некалькі патокаў працы з агентамі паралельна. Сярод тых, што сыходзяць, - ручныя "шлюзы" праверкі, калі чалавек сам пераправярае кожны крок замест таго, каб убудаваць праверку ў працэс. Гэта амаль дакладна апісанне нашага ўзроўню 3.
Сумленная агаворка: у EPAM гэты профіль называюць full-stack agentic engineer і падкрэсліваюць, што ён вырастае з моцнай інжынернай базы, а не з кароткай перападрыхтоўкі. Для нетэхнара ўзровень 3 азначае тую ж дысцыпліну - тэчку, правілы, план і праверку, - але ў сваёй працы: у патрабаваннях, справаздачах, тэст-кейсах і прататыпах, а не ў прадакшн-кодзе.
Для нетэхнара ў гэтым няма нічога інжынернага. План і праверка - родны жанр аналітыка, праджэкт-менеджара і тэсціроўшчыка. Новае толькі адно: апошні крок цыкла. Калі агент памыліўся, вы не проста выпраўляеце вынік, а дапісваеце правіла, і ў наступны раз ён гэтую памылку ўлічыць. Праз месяц такой працы тэчка ведае пра задачу больш, чым любы асобны чат.
Пастка кожнага ўзроўню і як падняцца вышэй
Кожны пераход упіраецца не ў новыя тэрміны, а ў адну канкрэтную рэч. Ніжэй яна і невялікае заданне, якое дапамагае яе зрушыць.
З узроўню 1 на ўзровень 2
Што замінае: няма ніводнага выніку, які не проста адказвае, а запускаецца і нешта робіць.
Заданне на 30 хвілін. Вазьміце задачу, што паўтараецца: зводку, брыф або разбор нататак. Стварыце асобную тэчку, пакладзіце туды зыходнік і папрасіце AI-інструмент, які ўмее працаваць з файламі, захаваць вынік у новы файл. Гатова, калі ў тэчцы ляжаць зыходнік, інструкцыя і гатовы файл, і заўтра вы паўторыце гэта без пошуку старога чата.
З узроўню 2 на ўзровень 3
Што замінае: не складанасць кода. Патрэбны пастаянны кантэкст, крытэрыі праверкі і працэс, што паўтараецца. Паказальна, што ў AI-буткэмпе EPAM для студэнтаў-праграмістаў у першую чаргу разбіраюць розніцу паміж vibe coding і spec-driven development, працай па спецыфікацыі, і вучаць AI-інжынерыі як дысцыпліне, "not as prompt hacking".
Заданне на адзін вечар. Вазьміце свой прататып. Запішыце тры прыметы гатовасці, дайце яму нармальны і загадзя дрэнны ўваход, затым выпраўце самы небяспечны збой. Удалы працэс захавайце як skill, а знойдзеную памылку - як правіла ў CLAUDE.md. Гатова, калі асноўны сцэнарый праходзіць два разы запар, а вядомае абмежаванне запісана побач з праектам.
З узроўню 3 на ўзровень 4
Што замінае: вы праектуеце выкананне задачы, але яшчэ не сістэму вакол яе: падключэнні, межы доступу, кантроль якасці і працу іншых людзей з ёй.
Заданне на тыдзень. Перадайце адзін свой працэс калегу разам з кароткай інструкцыяй. Першыя 20 хвілін не дапамагайце, толькі запісвайце, дзе чалавек спыняецца. Гатова, калі калега дайшоў да выніку, а ў вас ёсць тры месцы, дзе працэс або інструкцыю трэба дапрацаваць.
На ўзроўні 4
Далей рост залежыць ад надзейнасці, эканомікі і таго, ці прыжываецца сістэма ў іншых людзей. Для параўнання: сам Чэрны паралельна вядзе пяць-дзесяць сесій Claude. Гэта ўжо кіраванне некалькімі агентамі, і для большасці задач нетэхнара яно залішняе. Добрае пытанне да сябе на гэтым узроўні: хто і па якім сігнале спыніць сістэму, калі якасць пачне падаць?
Узровень выбіраюць пад задачу
Узровень - не ранг, які атрымліваюць раз і назаўсёды. Карпаты называе гэта паўзунком аўтаноміі: для кожнай задачы вы вырашаеце, колькі аддаць AI. Нават інжынеры Anthropic кажуць, што могуць цалкам аддаць AI толькі 0-20% сваёй працы (апытанне 132 супрацоўнікаў, снежань 2025). Узровень 3 не значыць, што кожную задачу трэба рабіць агентам. Ён значыць, што вы ўмееце гэта зрабіць, калі задача таго варта.
І чым правей задача на паўзунку, тым важней праверка. У даследаванні Anthropic AI Fluency Index (люты 2026, 9 830 дыялогаў) відаць: калі AI выдае гатовы вынік, людзі на 5,2 працэнтнага пункта радзей заўважаюць, што яму не хапіла кантэксту, і на 3,7 пункта радзей правяраюць факты. А ў эксперыменце METR дасведчаныя распрацоўшчыкі з AI працавалі на 19% павольней, хоць былі ўпэўнены, што хутчэй. Гэта даследаванне пачатку 2025 года, самі аўтары лічаць яго састарэлым, але выснова застаецца: адчуванне хуткасці - не тое самае, што хуткасць.
Адсюль правіла для любога ўзроўню. Перад тым як аддаць AI задачу, адкажыце на тры пытанні: што я аддаю, што я праверу і за што адказваю сам. OpenAI ў гайдзе для інжынерных каманд называе гэта Delegate, Review і Own.
Што кажуць іншыя
Мы параўналі нашу шкалу прыкладна з дваццаццю апублікаваных лесвіц і мадэляў. Гатовай лесвіцы "кансумер, білдэр, архітэктар" ад вялікай кампаніі няма, кожны глядзіць са свайго боку. Самае карыснае:
- Андрэй Карпаты даў мове абодва нашы сярэднія ўзроўні: vibe coding (2025) і agentic engineering (2026).
- Anthropic, AI Fluency (2025). Чатыры навыкі: Delegation (вырашыць, што аддаць AI), Description (зразумела апісаць задачу), Discernment (ацаніць вынік) і Diligence (адказваць за вынік). І тры рэжымы працы: Automation, Augmentation і Agency. Agency - наладзіць AI так, каб ён сам выконваў будучыя задачы за вас. Гэта наш узровень 3.
- EPAM (2026). Публічнай шкалы ўзроўняў для людзей у EPAM няма, але ў адкрытых матэрыялах для інвестараў кампанія апісвае, да якога профілю пераўчвае інжынераў, і падкрэслівае, што мяняецца праца не толькі распрацоўшчыкаў: прадаўцы, акаўнт- і дэліверы-менеджары таксама пераходзяць на агентныя інструменты.
- Section, AI Proficiency Report (чэрвень 2026). 5 026 офісных супрацоўнікаў у ЗША, частку навыкаў правяралі практычным тэстам. 73,5% карыстаюцца AI часта, але разова, без працэсаў, што паўтараюцца. Убудавалі AI ў працу, што паўтараецца, толькі 5,5%. Агаворка: Section сам прадае навучанне AI, так што лічбы варта чытаць як арыенцір.
Падобныя лесвіцы ёсць у Zapier (па ёй ацэньваюць кандыдатаў пры найме), у Microsoft (тры фазы кампаніі ад "чалавек з асістэнтам" да "агенты вядуць працэсы пад кіраўніцтвам людзей") і ў Дэна Шапіра для распрацоўшчыкаў. Спасылкі ўнізе.
Прыклад: Lead BA за адзін паток
"Тое, на што раней сыходзілі гадзіны і патрабаваліся кансультацыі калег, я часта магу зрабіць сама."
Вольга, Lead Business Analyst, удзельніца AI Sandbox Lab. Раскладзем яе водгук па шкале:
- Да інтэнсіва: узровень 1. "Я чытала артыкулы, трымала дзясяткі адкрытых укладак, але не разумела, як пачаць ужываць AI ў працы."
- Падчас інтэнсіва: узровень 2. Першы невялікі праект, выкладзены на GitHub: канкрэтны вынік, якім можна падзяліцца.
- Цяпер: узровень 3. Агенты і skills для discovery: правільныя пытанні да задачы, праверка кодавай базы, залежнасцей і блакераў.
- Першыя крокі да ўзроўню 4. Шаблоны, якімі яна дзеліцца з камандай, і ўнутраныя праекты, якія яна ініцыюе.
Найбольш прыкметная змена ў яе водгуку не пра інструменты, а пра страх, што AI яе заменіць. Ён сышоў, калі з'явіўся першы вынік, зроблены ўласнымі рукамі. Разметка па шкале мая, а не вынік тэсту.
Як праверыць сябе
Дакладней узровень пакажа самадыягностыка на сайце: 11 пытанняў пра тое, што вы рэальна робіце, 3 хвіліны, вынік адразу і без рэгістрацыі. Разам з узроўнем вы атрымаеце галоўны прабел і тры наступныя крокі.
Прайдзіце яе двойчы: цяпер і праз месяц. Розніца паміж двума вынікамі і ёсць ваш прагрэс.
Чаму пытанні пра тое, што вы робіце, а не пра тое, што ведаеце? Chief Learning Scientist EPAM Сандра Лафлін назвала метрыкі накшталт "колькі людзей прайшлі курс" ілюзіяй кампетэнтнасці: навык лічыцца, толькі калі вы ўжываеце яго ў рэальнай працы. З самаацэнкай "я няблага разбіраюся ў AI" тая ж гісторыя.
А калі тэсту пад рукой няма, адкажыце сабе на чатыры пытанні пра апошні тыдзень:
- Агент сам стварыў або змяніў файлы па вашай задачы?
- Ці ёсць у вас сцэнарый, які вы паўтараеце кожны тыдзень і не тлумачыце AI нанава?
- Што канкрэтна вы праверылі ў апошнім выніку AI, перш чым аддаць яго далей?
- Ці карыстаецца хтосьці, апрача вас, тым, што вы сабралі з AI?
"Так" на першыя два пытанні - прымета ўзроўню 3. Чацвёртае пытанне пра крок да ўзроўню 4. А на трэцяе пытанне добрага адказу "нічога" не бывае ні на адным узроўні.
З узроўню 1 на ўзровень 3 за 6 сустрэч
Інтэнсіў AI Sandbox Lab пабудаваны па гэтай шкале. Сустрэчы 1-2: першы прататып, спецыфікацыя і прататып у інтэрнэце (узровень 2). Сустрэчы 3-5: памяць, skills, свае агенты і падключэнне сервісаў (узровень 3). Сустрэча 6: дэма праектаў і план укаранення ў камандзе, першы крок да ўзроўню 4. Код пісаць не трэба.
Крыніцы
- Andrej Karpathy. Пост пра vibe coding, люты 2025; пра пераход да agentic engineering (Business Insider), люты 2026.
- Anthropic. Claude Code: Best practices for agentic coding.
- How the creator of Claude Code actually uses Claude Code (разбор практык Барыса Чэрнага).
- Anthropic, Dakan R., Feller J. The AI Fluency Framework, 2025.
- Anthropic. The AI Fluency Index, люты 2026.
- Anthropic. How AI is transforming work at Anthropic, снежань 2025.
- OpenAI. Building an AI-native engineering team, 2025.
- EPAM. Investor Day 2026, транскрыпт (Д. Товпека, С. Лафлін, Б. Фейеш), сакавік 2026; Investor Presentation, слайд "Skill Evolution", жнівень 2026.
- EPAM Campus. A!Tech Bootcamp: AI Engineering, 2026.
- Section. AI Proficiency Report, чэрвень 2026.
- Zapier. AI fluency rubric і абнаўленне 2026.
- Microsoft. Work Trend Index 2025: The Frontier Firm, красавік 2025.
- Dan Shapiro. The Five Levels, студзень 2026.
- METR. Measuring the Impact of Early-2025 AI on Experienced Open-Source Developer Productivity, ліпень 2025.